Пячорны манікюр у ШІЗА і нажнічкі Ціханоўскага
Былы палітвязень Павел Севярынец распавёў, у якую пакуту ператвараецца ў зняволенні звычайнае пытанне гігіены.
— Калі месяцамі сядзіш у бетонных скрынях, дзе забаронена ўсё, праблема стрыжкі пазногцяў ператвараецца ў сур'ёзную рэч, — піша Севярынец. — Нельга нажніцы. Нельга кусачкі. Нельга лязо. Нельга станкі для галення.
Бетонны пыл і бруд забіваюцца пад пазногці. А за месяц, два ці тры кіпці вырастаюць, самі ўявіце, ого-го.
А як пастрыгчы пазногці? Ніяк.
Ведаю, ёсць людзі, якія пазногці абкусваюць. Але паспрабаваў – не маё.
У карцэрах Акрэсціна быў прыладзіўся сточваць пазногці аб металёвыя шрубы. Часам здзіраў пальцы да крыві – затое не было адчування, што ты звер, якога заперлі ў бетонны мяшок.
У ШІЗА Шклова ці Гарадзенскай крытай такіх шрубаў мне знайсці не ўдавалася – і даводзілася сточваць пазногці на адным ці некалькіх пальцах аб бетон ці цэмент паміж пліткамі. Тут праца доўгая, пільная – затое, як той казаў, бачыш вынік.
На Валадарцы пасля «Шанхаю» ў выніку сутычкі са «сматрашчым» мяне перавялі ў «двайнічок» у спецкалідоры – камеру 101. Тут падчас праверкі запатрабаваў, каб далі па-людску пастрыгчы пазногці – турма, усё-такі.
І, уявіце сабе, на колькі хвілінаў прынеслі маленькія нажнічкі. Калі я першы раз за тры месяцы іх узяў у рукі, рот сам расцягнуўся ў глупую ўсмешку да вушэй. Але галоўны сюрпрыз чакаў мяне наперадзе.
На кардонным футаральчыку было напісана: «К. 101. Тихановский».
Значыць, перада мной тут сядзеў Сяргей Ціханоўскі.
Читайте еще
Избранное