Раманчук: «І рэжым, і Варшава разумеюць: як толькі будзе адкрыты гандаль, Беларусь ператворыцца ў хаб кантрабанды»

Эканаміст Яраслаў Раманчук — пра тое, ці адаб'ецца вяртанне Анджэя Пачобута ў Беларусь на адносінах паміж Мінскам і Варшавай.

— Анджэй — мой герой. Ён бачыць сябе менавіта так. Я паважаю яго пункт гледжання. Трэба разумець, што Беларусь сёння — гэта не таталітарная Расія. І Анджэй Пачобут — гэта не Навальны, статус у яго іншы, — кажа Раманчук у эфіры Еўрарадыё. — І таму, калі ён кажа, што будзе займацца польскай меншасцю, — гэта яго права. Чалавек нязломны. Лічу, што гэта магутны знак падтрымкі, які ён дае мільёнам беларусаў. Не пужайцеся. Я на яго баку.

Яраслаў Раманчук

Што тычыцца таго, ці можа вяртанне Пачобута паспрыяць пачатку адлігі паміж Мінскам і Варшавай, прынамсі ў аднаўленні гандлёвых сувязяў, Раманчук адказвае так:

— Для Лукашэнкі галоўнае — не страціць уладу і расійскі рынак, бо ён багата зарабляе менавіта на вайне. Пакуль Анджэй не стане нацыянальнай фігурай такога маштабу, каб удзельнічаць у нейкай кампаніі, Лукашэнка не будзе яго чапаць. Ёсць некалькі чыннікаў, ад якіх усім будзе добра. Напрыклад, трэба вызваліць усіх каталіцкіх святароў? Трэба. Калі будзе сустрэча з уплывовым Ватыканам — гэта будзе добра? Так.

Калі потым пачнуць больш вольна вывучаць тую ж польскую мову — ну, чаму дрэнна? Лукашэнка скажа: «Гэта мае палякі». Пачобут для Лукашэнкі — толькі ўнутраны чыннік. Ён разумее, што ёсць жорсткая пазіцыя Туска, Сікорскага. І яны таксама добра ведаюць Лукашэнку. Так, гуманітарны аспект прысутнічае, але няма чыннікаў, пры дапамозе якіх можна было б сказаць: «Добра, давайце гандляваць».

І Польшча, і рэжым у Беларусі разумеюць: як толькі будзе адкрыты гандаль паміж краінамі, Беларусь ператворыцца ў хаб кантрабанды. Ці выгадна гэта для Польшчы? Безумоўна, бо гэта спосаб павялічыць экспарт.

Але ж гэты экспарт будзе ісці ў Расію — краіну, якая пагражае Польшчы. І тут Лукашэнка, як бы ён ні круціўся на двух крэслах, павінен будзе вызначыцца. А яго пазіцыя тут відавочная: ён з Пуціным намертва звязаны кроўю, грашыма, сувязямі. І палякі, магчыма, будуць рабіць нейкія крокі, напрыклад у сферы харчовых тавараў. Але з гэтага пункту гледжання Польшчы было б выгадней палепшыць гандаль з Украінай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(43)