Политика

Фрыдман: «Сцэнары эскаляцыі супраць краінаў Балтыі вельмі цяжка ўявіць без удзелу Беларусі»

Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман разважае на Радыё Свабода пра тое, навошта Лукашэнка тэрмінова паляцеў да Пуціна?

Аляксандр Фрыдман

Лукашэнка паляцеў у Маскву неўзабаве пасьля нечаканага візыту туды дырэктара ЦРУ. Які тут мог быць беларускі кантэкст перамоваў Джона Рэткліфа з расейцамі? Ці не абвешчаны раней візыт Лукашэнкі ў Маскву можа быць зьвязаны з таемнымі расейска-амэрыканскімі перамовамі?

— Я мяркую, што беларуская тэматыка непасрэдна ў перамовах Рэткліфа сур’ёзную ролю ўсё ж не адыгрывала. Магчыма, яна і ўзгадвалася. Яна магла фігураваць у кантэксьце той тэорыі, якая існуе вакол гэтых перамоваў: што адна з тэмаў, якую ўздымаў Рэткліф, тычыцца магчымай эскаляцыі Расеі на эўрапейскім напрамку — нейкіх гібрыдных акцыяў альбо прамой агрэсіі супраць краінаў NATO.

Калі разглядаць гэта ў такім рэчышчы, то магчымыя сцэнары эскаляцыі з выкарыстаньнем вайсковай сілы, напрыклад супраць краінаў Балтыі, вельмі цяжка ўявіць без удзелу Беларусі. Калі нешта будзе праводзіцца супраць Латвіі альбо Літвы, беларускія рэсурсы, тэрыторыя Беларусі і беларускае войска тэарэтычна могуць быць выкарыстаныя. У розных сцэнарыях эскаляцыі яны прысутнічаюць. Таму беларуская праблематыка магла быць узгаданая і ў гэтым кантэксьце.

Фото: Mikhail Svetlov. Getty Images

Яшчэ адзін магчымы варыянт — пашырэньне расейскай агрэсіі супраць Украіны. Напрыклад, магчымы сцэнар новай расейскай ваеннай апэрацыі супраць Кіева праз тэрыторыю Беларусі. Вось у гэтым кантэксьце Беларусь таксама магла фігураваць.

— Былы спэцпрадстаўнік ЗША па Ўкраіне Кіт Кэлаг заявіў ў інтэрвію ўкраінскай журналістцы Раміне Ес-хак-зай, што галоўнай мэтай кантактаў Вашынгтона з Аляксандрам Лукашэнкам было атрымаць дадатковы канал сувязі з Уладзімірам Пуціным. Паводле яго, паралельна ЗША дамагаліся вызваленьня беларускіх палітвязьняў.

Кантакты прадстаўнікоў адміністрацыі Дональда Трампа з Лукашэнкам пачаліся ў чэрвені 2025 году, калі Кэлаг наведаў Менск. На гэтым тыдні ў інтэрвію The New York Times спэцпасланьнік Трампа Джон Коўл заявіў, што спадзяецца на вызваленьне яшчэ адной вялікай групы палітвязьняў «ў самы найбліжэйшы час». Ці ўсё гэта робіцца па-ранейшаму дзеля таго самага каналу сувязі з Пуціным?

— Я пачну з заявы Кэлага. Сэнсацыяй яна не стала. У прынцыпе, гэта было вядома, калі прасачыць публікацыі журналіста Саймана Шустэра, які вельмі ўважліва вывучаў, як разьвіваліся стасункі паміж рэжымам Лукашэнкі і адміністрацыяй Трампа. Магчымы канал сувязі — нават ня толькі канал сувязі, але і крыніца інсайдаў з Масквы, а таксама магчымая роля Лукашэнкі ў перамоўным працэсе — усё гэта амэрыканскі бок відавочна разглядаў.

Калі паглядзець, як зьмяняліся беларуска-амэрыканскія стасункі, то зьнешнепалітычны кантэкст вайны ва Ўкраіне і роля Лукашэнкі як магчымага каналу сувязі летась сапраўды прысутнічалі. Зараз гаворка ідзе пераважна пра разьвіцьцё двухбаковых стасункаў, іх нармалізацыю і вызваленьне палітвязьняў.

Так што я думаю, што Лукашэнка страціў сваю вагу як канал сувязі і як крыніца інсайдаў. Фактычна ўсё, што амэрыканцы маглі ад яго атрымаць і даведацца, яны, напэўна, ужо атрымалі.

Што тычыцца нейкага ўплыву Лукашэнкі на прыняцьце рашэньняў у Крамлі, то відавочна, што сур’ёзнага ўплыву ў яго няма. Таму я думаю, што цікавасьць амэрыканцаў да Лукашэнкі ў гэтым напрамку пераважна страчаная. Яны проста бачаць, што атрымалі ўсё, што маглі.

Тут трэба аддаць Лукашэнку належнае. Ён скарыстаўся сытуацыяй і здолеў зацікавіць амэрыканцаў сваёй асобай і сваімі магчымасьцямі.

Калі б гаворка сапраўды ішла толькі пра канал сувязі з Расеяй, то ўжо ўсе кантакты паміж Лукашэнкам і амэрыканцамі скончыліся б. Але Лукашэнка здолеў перавесьці іх у іншы напрамак — двухбаковыя стасункі і, магчыма, нейкія эканамічныя праекты.

Лукашэнка, канешне, выкарыстоўвае той рэсурс, якім ён можа распараджацца. Гэта палітвязьні. Увесь час ён рабіў усё, каб з дапамогай палітвязьняў падтрымліваць цікавасьць амэрыканцаў: маўляў, мы паступова рухаемся, таму не губляйце цікавасьці да мяне, да Лукашэнкі, і вы зможаце прадэманстраваць, што ў вас ёсьць вынікі гэтых кантактаў на беларускім напрамку.

І прыгожая гісторыя: прэзыдэнт Трамп вызваляе палітвязьняў.

— Вы кажаце пра тое, што Злучаныя Штаты атрымалі ўсё, што маглі, ад Аляксандра Лукашэнкі. А што цяпер ЗША могуць прапанаваць яму наўзамен за вызваленьне палітвязьняў?

— Я думаю, што амэрыканцы сапраўды атрымалі ўсё, што маглі, калі гаворка ідзе пра Пуціна і пра Лукашэнку як канал сувязі і крыніцу інсайдаў. Хаця, зноў жа, хто яго ведае. Магчыма, Лукашэнка зараз паедзе да Пуціна і яшчэ нешта паведаміць. Я б на ягоным месцы так і зрабіў, каб падтрымліваць увагу амэрыканцаў. Напрыклад: «У мяне ёсьць інфармацыя, як Пуцін адрэагаваў на візыт Рэткліфа».

Калі б такая інфармацыя паступіла ад Лукашэнкі, магчыма, гэта зноў прыцягнула б увагу амэрыканцаў да гэтага каналу сувязі. Але я не думаю, што ў цяперашняй сытуацыі ён можа паведаміць амэрыканцам нешта такое, чаго яны ўвогуле ня ведаюць.

Калі глядзець з пункту гледжаньня Лукашэнкі, ён шмат чаго дамогся. У яго былі сустрэчы з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў, на яго зьвярнуў увагу прэзыдэнт Трамп. У кантэксьце піяру, інфармацыі і прапаганды гэтыя кантакты з амэрыканцамі былі выкарыстаныя, хіба што, не на 100, а на 120 працэнтаў. І Лукашэнку гэта ўсё было вельмі прыемна — і запрашэньні Трампа, і іншае.

Калі ж глядзець на галоўную мэту Лукашэнкі — нармалізацыю стасункаў, зьняцьце ўсіх санкцыяў і магчымасьць праводзіць эканамічныя двухбаковыя праекты, — то гэтай мэты ён не дасягнуў. Ён і сам досыць цьвяроза ацэньвае разьвіцьцё стасункаў...

Думаю, Лукашэнка сёньня хацеў бы атрымаць ад стасункаў з амэрыканцамі значна больш. І, напэўна, нават разьлічвае на гэта. Але тут усё залежыць ня толькі ад яго, а і ад зьнешнепалітычных абставінаў.

ЧЗараз беларускі і амэрыканскі бакі дайшлі да пэўнага ўзроўню, калі прарыву не атрымліваецца. Цяжка ўявіць, што ў цяперашніх умовах Лукашэнка змог бы пайсьці на нармалізацыю стасункаў са Злучанымі Штатамі, пакуль стасункі ЗША з Расеяй разьвіваюцца не найлепшым чынам.

Так што ёсьць абмежаваньні. Лукашэнка іх бачыць і чакае добрага моманту, які сапраўды яшчэ можа для яго прыйсьці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(1)