Навумчык: «У мяне няма асаблівых надзеяў на «прекрасную Россию будущего» — нават калі яна пакіне Пуціна ў змрочным мінулым»

Публіцыст — пра адмаўленне расійскімі палітыкамі права іншых народаў на самастойнае існаваньне.

— Днямі быў дзень памяці Міхаіла Гарбачова. У беларускай інфармацыйнай прасторы ён не адзначаўся, а вось у расейскай (асабліва ў сацсетках) прайшлі традыцыйныя дыскусіі пра ролю апошняга генсека і адзінага савецкага прэзыдэнта, — піша Сяргей Навумчык. — І, зноў жа, у традыцыйным дыяпазоне ад увасхваленьняў да праклёнаў.

Сяргей Навумчык

Цэнтральнай тэмай — і таксама традыцыйна — была ступень віны (альбо не віны) Гарбачова ў распадзе СССР.

Абаронцы Гарбачова (прычым, як правіла, адначасна апанэнты Пуціна і праціўнікі вайны з Украінай), даказвалі, што «віны Гарбачова ў развале СССР няма».

І яны цалкам маюць рацыю: Гарбачоў рабіў усё ад яго залежнае, каб Савецкі Саюз захаваўся.

Але зьвярніце ўвагу: ужываецца слова «віна» — значыць, сам распад савецкай імпэрыі (безадносна да таго, хто ў гэтым «вінаваты») яны лічаць падзеяй адмоўнай. Ня ведаю, наколькі гэта адрозьніваецца (і ці адрозьніваецца ўвогуле) ад ацэнкі Пуціным («геополитическая катастрофа»).

І ні слова ў гэтым дыскусіях не было сказана пра права народаў былога СССР самастойна вызначаць свой лёс.

Некалькі вядомых расейскіх «лідэраў меркаваньняў» параўналі Гарбачова з імпэратарам Аляксандрам II, які ўвайшоў у гісторыю Расеі як рэфарматар і як «царь-освободитель». Аргумэнт: распачатая Гарбачовым перабудова па маштабе ўзьдзеяньня на грамадзтва была падобная на вызваленьне прыгонных сялянаў у 1861 годзе.

Пра падаўленьне ў крыві паўстаньня 1863 году, ясна, ні слова — такога кшталту працэсы на ўскраінах Расейскай імпэрыі знаходзяцца на пэрыфэрыі інтэлектуальных інтарэсаў прагрэсіўнага расейскага грамадзтва, нават самай дэмакратычнай, самай антыпуцінскай яго часткі.

Адзінкі не баяцца вымавіць, што татары, ці башкіры, ці якуты, ці нейкія іншыя народы сучаснай Расейскай Фэдэрацыі маюць права на самастойнае існаваньне. Роўна як у часы той самай гарбачоўскай перабудовы на пальцах адной рукі можна было пералічыць тых расейскіх дэмакратаў, хто прызнаваў такое права за беларусамі, украінцамі, казахамі...

Большасьць жа так і не прынялі незалежнасьці былых савецкіх калёній. Прыклад — ікона расейскай дэмакратыі Анатоль Сабчак, які пра Крым заяўляў задоўга да таго, як ягоны тагачасны памочнік Пуцін Крым анэксаваў.

Вось чаму ў мяне няма асаблівых надзеяў на «прекрасную Россию будущего» — нават калі яна пакіне Пуціна ў змрочным мінулым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(135)